Галоўная Падаткаабкладанне фізічных асоб Падаткі і зборы, якія выплачваюцца фізічнымі асобамі Падатак на нерухомасць Тыповыя пытанні – адказы па падліку падатку на нерухомую маёмасць

Тыповыя пытанні – адказы па падліку падатку на нерухомую маёмасць

Пытанне 1: Грамадзянкай у спадчыну ад бацькоў атрыманы зямельны надзел і жылы дом, размешчаныя на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Ці з’яўляецца яна плацельшчыкам падатку на нерухомую маёмасць адносна дадзеных аб’ектаў нерухомай маёмасці?

Адказ: Калі грамадзянін Рэспублікі Беларусь мае ва ўласнасці аб’екты нерухомай маёмасці ў Расійскай Федэрацыі, то плацельшчыкам падаткаў у Рэспубліцы Беларусь у адносінах да такіх аб’ектаў нерухомай маёмасці ён з’яўляцца не будзе. У адносінах да такіх аб’ектаў нерухомай маёмасці падлікі і выплата падаткаў павінна ажыццяўляцца ў адпаведнасці з заканадаўствам Расійскай Федэрацыі падатковымі органамі Расійскай Федэрацыі.

Пытанне 2: Грамадзянін ажыццяўляе будаўніцтва садовага доміка. Ці трэба выплачваць падатак на нерухомую маёмасць у дачыненні да недабудаванага доміка ў садаводчым таварыстве (спецыялісты рэгіструючага органа адмовіліся рэгістраваць яго як аб’ект незавершанага будаўніцтва)?

Адказ: У адпаведнасці з Падатковым кодэксам Рэспублікі Беларусь, фізічная асоба прызнаецца плацельшчыкам падатку на нерухомую маёмасць адносна належных ёй капітальных пабудоў, у тым ліку – не завершаных будаўніцтвам, але якія маюць фундамент, сцены, дах.

Да капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), у прыватнасці, належаць садовыя домікі.

Такім чынам, грамадзянін з’яўляецца плацельшчыкам падатку на нерухомую маёмасць адносна садовага доміка, не завершанага будаўніцтвам, але які мае фундамент, сцены, дах. Пры гэтым адмова спецыялістаў рэгіструючага органа рэгістраваць садовы домік не з’яўляецца падставай для непрызнання грамадзяніна плацельшчыкам падатку на нерухомую маёмасць.

Пытанне 3: Маладая сям’я ў дадзены момант пражывае ў інтэрнаце з дзіцём да 3 год і ажыццяўляе будаўніцтва двухпакаёвай кватэры за кошт уласных сродкаў. Ці неабходна будзе выплачваць падатак на нерухомую маёмасць за пабудаваную кватэру? Ад чаго будзе залежаць памер падатку на нерухомую маёмасць?

Адказ: У адпаведнасці з Падатковым кодэксам Рэспублікі Беларусь, адно жылое памяшканне ў многакватэрным або блакіраваным жылым доме, якое належыць фізічнай асобе на праве ўласнасці, вызваляецца ад падатку на нерухомую маёмасць.

Такім чынам, калі ў фізічнай асобы ва ўласнасці толькі адна кватэра, то такая асоба вызваляецца ад падатку на нерухомую маёмасць. Фізічныя асобы з’яўляюцца плацельшчыкамі падатку на нерухомую маёмасць толькі ў адносінах да двух і больш жылых памяшканняў ў многакватэрных ці блакіраваных жылых дамах.

Памер падатку на нерухомую маёмасць залежыць ад ацэначнага кошту кватэры і стаўкі падатку на нерухомую маёмасць, а таксама каэфіцыента, які павышае ці паніжае стаўку падатку на нерухомую маёмасць, устаноўленага рашэннем мясцовых Саветаў дэпутатаў.

Пытанне 4: Ці трэба выплачваць падатак на нерухомую маёмасць, калі ў шматдзетнай сям’і некалькі кватэр?

Адказ: Не, не трэба. Ад падатку на нерухомую маёмасць вызваляюцца ўсе належныя па праве ўласнасці аднаму (некалькім) членам шматдзетнай сям’і (сем’і, якія маюць трох і больш непаўналетніх дзяцей) кватэры, размешчаныя ў многакватэрных жылых дамах.

Пытанне 5: У 2013 годзе грамадзянін прыватызаваў кватэру з выплатай кошту ў растэрміноўку на 40 год. У студзені 2016 года аформіў права ўласнасці яшчэ на адну кватэру. Ці абавязаны грамадзянін выплачваць падатак на нерухомую маёмасць? За якую з кватэр?

Адказ: Паколькі грамадзянін стаў уласнікам другой кватэры ў 2016 годзе, то плацельшчыкам падатку на нерухомую маёмасць у адносінах да адной з кватэр грамадзянін прызнаецца з лютага 2016 года. Падатак на нерухомую маёмасць выплачваецца на падставе паведамлення падатковага органа. Для яго атрымання грамадзяніну неабходна звярнуцца ў падатковы орган па месцы жыхарства і напісаць заяву, у якой указаць усе наяўныя ў яго ва ўласнасці кватэры, а таксама кватэру, у адносінах да якой ён хоча скарыстаць права на ільготу па выплаце падатку.

Пытанне 6: У грамадзянкі ва ўласнасці кватэра ў многакватэрным жылым доме. У маі 2016 года грамадзянка аформіла ва ўласнасць атрыманы ў спадчыну ў тым жа горадзе жылы дом, у якім зарэгістравана і пражывае адна (пенсіянер, які не працуе), і зямельны надзел, які знаходзіцца ў пажыццёвым спадчынным уладанні. Ці з’яўляецца грамадзянка плацельшчыкам зямельнага падатку і падатку на нерухомую маёмасць адносна належных ёй аб’ектаў нерухомай маёмасці?

Адказ: Фізічныя асобы, якім па праве ўласнасці належыць толькі адна кватэра, маюць права на ільготу адносна такой кватэры ў выглядзе поўнага вызвалення ад выплаты падатку. У адносінах да жылога дома і зямельнага надзела грамадзянка, якая з’яўляецца пенсіянеркай, вызваляецца ад выплаты зямельнага падатку і падатку на нерухомую маёмасць, таму што ў гэтым жылым доме не зарэгістраваны працаздольныя асобы.

Пытанне 7: Грамадзянін з’яўляецца пенсіянерам па ўзросце. Пенсіянер зарэгістраваны па месцы жыхарства і пражывае ў г. Брэсце ў належным яму па праве ўласнасці жылым доме, размешчаным на зямельным надзеле, прадастаўленым яму на праве пажыццёвага спадчыннага ўладання. Па месцы жыхарства пенсіянера не зарэгістравана працаздольных асоб.

Таксама ў Брэсцкім раёне пенсіянеру на праве ўласнасці належыць зямельны надзел і размешчаны на ім жылы дом. Ва ўказаным жылым доме з 2014 года зарэгістраваны па месцы жыхарства і пражывае працаздольны сын пенсіянера.

Ці з’яўляецца пенсіянер па ўзросце плацельшчыкам зямельнага падатку і падатку на нерухомую маёмасць у 2017 годзе?

Адказ: У 2017 годзе пенсіянер па ўзросце:
- не з’яўляецца плацельшчыкам падатку на нерухомую маёмасць і зямельнага падатку ў адносінах да жылога дома і зямельнага надзела, размешчаных у г. Брэсце, таму што па месцы жыхарства пенсіянера не зарэгістравана працаздольных асоб;
- з’яўляецца плацельшчыкам падатку на нерухомую маёмасць і зямельнага падатку ў адносінах да жылога дома і зямельнага надзела, размешчаных у Брэсцкім раёне, таму што ў належным пенсіянеру ўказаным жылым доме зарэгістраваны па месцы жыхарства яго працаздольны сын.

Пытанне 8: Пенсіянеру па ўзросце на праве ўласнасці належыць офіс, у якім знаходзіцца прыватнае ўнітарнае прадпрыемства, заснавальнікам якога ён з’яўляецца. Ці прадастаўляецца ільгота па падатку на нерухомую маёмасць адносна дадзенага аб’екта нерухомай маёмасці пенсіянеру па ўзросце?

Адказ: Ільгота па падатку на нерухомую маёмасць пенсіянеру не прадастаўляецца. У адпаведнасці з Падатковым кодэксам Рэспублікі Беларусь, ільготы не прадастаўляюцца адносна аб’ектаў нерухомай маёмасці, якія належаць, у прыватнасці, пенсіянерам па ўзросце, калі яны прызначаны і (або) выкарыстоўваюцца для здзяйснення прадпрымальніцкай дзейнасці. Офіс першапачаткова прызначаны для выкарыстання ў прадпрымальніцкай дзейнасці.