Галоўная Падаткаабкладанне фізічных асоб Падаткі і зборы, якія выплачваюцца фізічнымі асобамі Зямельны падатак Тыповыя пытанні – адказы па вылічэнні зямельнага падатку

Тыповыя пытанні – адказы па вылічэнні зямельнага падатку

Пытанне 1. Асобе без грамадзянства, якая пастаянна пражывае на тэрыторыі Украіны, на праве пажыццёвага спадчыннага ўладання належыць зямельны надзел, размешчаны на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Ці неабходна ёй выплачваць зямельны падатак?
Адказ. Такая асоба прызнаецца плацельшчыкам зямельнага падатку ў Рэспубліцы Беларусь у адносінах да ўказанага зямельнага надзела.

Пытанне 2. Пенсіянер па ўзросце зарэгістраваны ў жылым доме, размешчаным у Чэрвеньскім раёне. Зямельны надзел, на якім размешчаны жылы дом, і сам жылы дом належаць пенсіянеру па праве ўласнасці. У дадзеным доме таксама зарэгістраваны яго паўналетні сын. Ці вызваляецца пенсіянер ад выплаты зямельнага падатку?
Адказ. Не, не вызваляецца. Таму што па месцы рэгістрацыі пенсіянера па ўзросце (у жылым доме, размешчаным у Чэрвеньскім раёне) разам з пенсіянерам зарэгістраваны яго паўналетні (працаздольны) сын. З улікам палажэнняў падпункта 1.25 пункта 1 артыкула 194 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь ён абавязаны выплачваць зямельны падатак у адносінах да зямельнага надзела, які змяшчаецца пад домам.

Пытанне 3. Пенсіянер па ўзросце зарэгістраваны ў кватэры ў г. Мінску, у дадзенай кватэры разам з пенсіянерам прапісаны паўналетні сын. Пенсіянер валодае зямельным надзелам, размешчаным у Стаўбцоўскім раёне, выдзеленым яму для дачнага будаўніцтва. Ці вызваляецца такі пенсіянер ад выплаты зямельнага падатку ў адносінах да належнага яму зямельнага надзела, размешчанага ў Стаўбцоўскім раёне?
Адказ.Так, вызваляецца. Падставай для такога вызвалення з’яўляюцца наступныя факты:
- зямельны надзел размешчаны не па месцы жыхарства пенсіянера (пенсіянер зарэгістраваны ў г. Мінску);
- зямельны надзел выдзелены для дачнага будаўніцтва.
З улікам палажэнняў падпункта 1.25 пункта 1 артыкула 194 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь, незалежна ад таго, што па месцы жыхарства пенсіянера (у кватэры, размешчанай у г. Мінску) зарэгістраваны паўналетні сын, такі пенсіянер вызваляецца ад выплаты зямельнага падатку.

Пытанне 4: Сям’я з двума непаўналетнімі дзецьмі мае ў прыватнай уласнасці зямельны надзел для будаўніцтва аднакватэрнага жылога дома. Ці мае права сям’я з двума непаўналетнімі дзецьмі на ільготы па зямельным падатку?
Адказ: Ільготы па зямельным падатку і падатку на нерухомую маёмасць ёсць у шматдзетных сем’яў, якія маюць трох і больш непаўналетніх дзяцей. Сям’я з двума непаўналетнімі дзецьмі права на ільготу не мае. У разглядаемай сітуацыі фізічная асоба з’яўляецца плацельшчыкам зямельнага падатку па зямельным надзеле для будаўніцтва аднакватэрнага жылога дома.

Пытанне 5. Грамадзянін самавольна заняў зямельны надзел для агародніцтва. Ці трэба яму выплачваць зямельны падатак?
Адказ. Нягледзячы на тое, што дадзены зямельны надзел не быў прадастаўлены ўказанаму грамадзяніну ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку, грамадзянін прызнаецца плацельшчыкам зямельнага падатку за ўвесь перыяд самавольнага выкарыстання гэтага зямельнага надзела.

Пытанне 6: Грамадзянка з мужам у лістападзе 2015 г. прадалі сваю кватэру і купілі дом ў аграгарадку Ратамка. У доме зарэгістравана па месцы жыхарства 6 чалавек. Грамадзянка ведае аб тым, што яна з’яўляецца плацельшчыкам зямельнага падатку і падатку на нерухомую маёмасць. Дзе можна ўдакладніць інфармацыю, якая датычыць УНП і сумы падаткаў? Як правільна паступіць у дадзенай сітуацыі, каб не парушыць заканадаўства?
Адказ: Зямельны падатак і падатак на нерухомую маёмасць выплачваецца на падставе паведамлення падатковага органа, які ўручаецца плацельшчыкам да 1 жніўня. У паведамленні ўказваецца сума зямельнага падатку і падатку на нерухомую маёмасць, якую неабходна выплаціць у бюджэт, а таксама УНП плацельшчыка. Таму, калі па якіх-небудзь прычынах грамадзянка не атрымала паведамленне на выплату зямельнага падатку і падатку на нерухомую маёмасць, ёй неабходна звярнуцца ў падатковы орган па месцы размяшчэння аб’ектаў нерухомай маёмасці за паведамленнем на выплату зямельнага падатку і падатку на нерухомую маёмасць.