Галоўная Фізічныя асобы

Патэнцыял АБСЕ трэба выкарыстоўваць у поўнай меры для зніжэння рызык ваеннай канфрантацыі ў Еўропе - Макей

09.12.2017
Патэнцыял АБСЕ трэба выкарыстоўваць у поўнай меры для зніжэння рызык ваеннай канфрантацыі ў Еўропе. Аб гэтым міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў сёння ў Вене на 24-й сустрэчы Савета міністраў замежных спраў дзяржаў - удзельніц АБСЕ, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.

Уладзімір Макей адзначыў, што сёння еўрапейская бяспека працягвае знаходзіцца ў глыбокім крызісе, адбываецца рост палярызацыі, падрыў даверу, множацца выклікі. "Што трэба зрабіць, каб спыніць гэту тэндэнцыю і забяспечыць устойлівую стабільнасць? Якая ў гэтым роля АБСЕ? Нам неабходна паслаць дакладны палітычны сігнал, што АБСЕ ўяўляе сабой унікальную пляцоўку для інклюзіўнага дыялогу па пытаннях бяспекі. Мы павінны ў поўнай меры выкарыстоўваць яе патэнцыял для зніжэння рызык ваеннай канфрантацыі ў Еўропе. Беларусь выступае за распрацоўку новага рэжыму па кантролі за звычайнымі ўзбраеннямі, што адпавядае сённяшнім рэаліям. Мы падтрымліваем бягучы структураваны дыялог па сучасных і будучых пагрозах бяспецы. Гатовы і далей уносіць свой уклад у гэты працэс", - заявіў міністр.

Дыпламат лічыць, што таксама неабходна ўзмацніць ролю АБСЕ ў выбудоўванні партнёрскіх адносін па барацьбе з транснацыянальнымі пагрозамі і выклікамі: тэрарызмам, кіберзлачыннасцю, гандлем людзьмі, наркатрафікам, міграцыяй.

"АБСЕ можа зрабіць больш для садзейнічання ўзаемазвязанасці шляхам пашырэння эканамічнага супрацоўніцтва, спрашчэння гандлёвых працэдур, транспартных сувязей і лічбавага парадку дня. Нам неабходны дыялог, а не сутыкненне эканамічных інтэграцыйных працэсаў. Пляцоўка арганізацыі добра падыходзіць для стымулявання такога дыялогу", - адзначыў Уладзімір Макей.

Міністр таксама нагадаў аб ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб запуску новага Хельсінкскага працэсу - шырокага дыялогу па пераадоленні існуючых супярэчнасцей і адсутнасці даверу ў адносінах паміж краінамі на еўраатлантычнай і еўразійскай прасторы.

Паводле слоў дыпламата, Беларусь прадоўжыць падтрымку любых канструктыўных намаганняў па фарміраванні агульнай асновы ва ўсіх трох вымярэннях бяспекі і па пашырэнні ўзгодненага парадку дня ў АБСЕ. "У сувязі з гэтым мы разлічваем на палітычную волю ўсіх дзяржаў-удзельніц і ўклад новых кіраўнікоў сакратарыята і інстытутаў АБСЕ, назначаных шляхам кансэнсусу ў ліпені гэтага года. Разам мы павінны надаць АБСЕ новы імпульс, дзейнічаючы ў духу сумеснага вядзення, і зрабіць арганізацыю здольнай рэагаваць на сучасныя выклікі", - заявіў міністр.