Галоўная Прэс-цэнтр Навіны Навіны Міністэрства

Зацверджаны пералік сельгаспрадукцыі для абавязковага страхавання арганізацыямі АПК у 2018 годзе

09.12.2017
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8 снежня падпісаў указ нумар 436 "Аб страхаванні ўраджаю сельскагаспадарчых культур, жывёлы і птушкі ў 2018 годзе". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Дакументам зацверджаны пералік сельскагаспадарчых культур, жывёлы і птушкі і тарыфы па абавязковым страхаванні з дзяржаўнай падтрымкай у наступным годзе.

Акрамя таго, ва ўказе прапісаны працэнты пакрыцця ўрону і затрат на перасеў пры гібелі сельскагаспадарчых культур на 2018 год, а таксама працэнт пакрыцця ўрону пры гібелі (падзяжы), вымушаным забоі (знішчэнні) жывёлы і птушкі.

Гэты дакумент будзе садзейнічаць эфектыўнай рэалізацыі механізма абавязковага страхавання з дзяржпадтрымкай у 2018 годзе ўраджаю сельскагаспадарчых культур, жывёлы і птушкі, атрыманню вытворцамі страхавых выплат.