У інспекцыі па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Жлобінскім раёне прайшла выстава «Гонар і справа беларускай жанчыны»
У рамках Года беларускай жанчыны і ўдзелу ў праекце «Кожная пятніца – роднае, сваё» ў інспекцыі па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Жлобінскім раёне адбылася выстаўка «Гонар і справа беларускай жанчыны». Мерапрыемства вылучалася незвычайным фарматам і па-сапраўднаму цёплай атмасферай.
Усе эскспанаты былі падрыхтаваны выключна супрацоўніцамі інспекцыі. Жанчыны прадэманстравалі не толькі прафесійныя якасці, але і свае здольнасці ў хатняй гаспадарцы, кулінарыі і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.
Сярод прадстаўленага можна было ўбачыць: вышытыя ручнікі і сурвэткі, вязаныя цацкі, вырашчаную гародніну і нават самаробны чай. Асаблівай увагі заслужыў кулінарны куток, дзе можна было пакаштаваць ўласнаручна прыгатаваныя беларускі боршч, румяныя дранікі, бліны, аладкі і сала.
Для наведвальнікаў арганізавалі майстар-клас па стварэнні самаробных цацак, а таксама прапанавалі пачаставацца стравамі, абмяняцца рэцэптамі і парадамі па вырошчванні гародніны.
Выстаўка «Гонар і справа беларускай жанчыны» яскрава пацвердзіла, што беларуская жанчына і яе жыццё шматгранныя: гонар беларускай жанчыны – не толькі ў працоўных дасягненнях, але і ў яе ўменні ствараць цяпло вакол сябе, на талерцы і на зямлі.